|
Адлёт жураўлёў |
||
|
Белыя валокны Сцелюцца над долам. Не спяваюць птушкі, Сціхнуў лесу шолам.
Сцелюцца валокны, Тчэцца павуціна — Блізка, блізка восень, Смутная часіна!
Зажурыцца неба, Схованае ў хмары, I агорнуць сэрца Нейкі жаль і мары.
Замірае лета, Заціхаюць далі, Сірацее рэчка, Халадзеюць хвалі.
Стомленасць, знямеласць... Тояць думку боры... Шш! што та за гукі Чуюцца ў прасторы? |
Жаласна-прыгожа Льюцца ў небе гукі, Слухаюць лясы іх, Луг, балота, лукі.
У бязмежным небе Роўненькім шнурочкам Жураўлі на вырай Мкнуцца над лясочкам.
Меншыцца шнурочак, У паднеб'і тае, Вось ледзь-ледзь чарнее, Міг — і прападае.
I стаіш ты, смутны, Доўга пазіраеш, Як бы нешта страціў, А што — сам не знаеш.
Так у час расстання З тым, хто сэрцу любы, Адчуваеш смутак Цяжкай страты-згубы
I глядзіш маўкліва На дарожку тую, Што нясе ўдалечу Душу дарагую. |
|