|
|
Рак - вусач |
|
|
|
Ну, пачнем мы казку так: Жыў ды быў на свеце рак З доўгімі вусішчамі, З чорнымі вачышчамі, Зыркімі, лупатымі, З лапамі разгатымі, Шырачэзны ў шыі, Клешні — во якія! А як вусам павядзе — Страшна зробіцца ў вадзе!
Рыбкі хвосцікам мяльнуць Ды галоўкамі кіўнуць. I барзджэй наўцекача Ад рачышчы-вусача. А ён шыішчай трэп-трэп! Жабка ў бераг — і ні шэп!
Страшны рак быў, грозны рак, Як ушчэміць — будзе знак. I баяліся яго, Як няведама каго. Пад карэннямі ракіты Жыў той рак, вусач сярдзіты. I ёсць загадка такая: Ні смяецца, ні гукае, Жыве ў бухце пад ракітай, На ім світа, Ды не сшыта, Хоць кравец, ды не Мікіта, Ідзе ў лазню камінарам, А выходзіць — пыша жарам. |
Ну ж і слаўна каля рэчкі! I чаго на ёй няма! Сітнякі стаяць, бы свечкі, Тут маліна і парэчкі — Розных ягад проста цьма; Тут і лозы, і ракіты, I чарот, і асака, — Ну, як тыя аксаміты, Вабяць вока рыбака. А тых птушак і не злічыш: Качкі, кнігаўкі, драчы, I сам бусел-паляўнічы Вас у госці тут закліча, Жабу ў дзюбе несучы. Тут жыве званар-камар, Як балотны гаспадар, Даўганосы, даўганогі, Голас тонкі, а сам строгі. У траве між чаратоў — Колькі розных матылёў, Бабак сініх і чырвоных: Іх сукеначкі ў фальбонах, Іх убор — іду ў заклад — Закасуе ўсіх дзяўчат. Весела на рэчцы I траве, і кветцы, I крылатым пташкам, Мошкам і мурашкам, I крыклівым дзеткам, Асабліва леткам: У рачулцы купаюцца, У лясочку качаюцца. |
||